?

Log in

No account? Create an account
alter ego

wroblewska


HEDONIST&Co

ILLUSION IS THE FIRST OF ALL PLEASURES


Previous Entry Share Next Entry
Дзявочыя ночы. Ч. 3
blondie
wroblewska
− Прачнуўся?
Яе твар схіліўся нада мной, у вачах гарэў агеньчык цікавасьці, менавіта цікавасьці, а не каханьня, спачуваньня ці нечага падобнага.
− Як учарашняя аперацыя?
− Нармальна.
У галаве ў мяне запамарочылася, комната паплыла некуды ўбок.
– Можа сказаць, каб сьняданак прынесьлі сюды, а?
− Скажыце скажыце, – падтрымаў Касманаўт са свайго кутка, – бо ён нешта зусім кволы, нават не гаворыць. Вы яму адрэзалі язык, як я прасіў?
− Можа, і не адрэзалі, але прыкусілі – гэта праўда, – засьмяялася дзяўчына.
У мяне не ставала сіл нават злаваць на яе. Я проста ляжаў і слухаў, нібыта не пра мяне вялося.
– А снеданьне табе прынясуць, – дадала ўжо ў дзьвярах Алёнка.
Комната, паплаваўшы трохі туды-сюды, вярнулася на месца, але гэта было адзінай зьменай да лепшага. Я сапраўды быў падобны да выціснутага лімона, і нават сняданак, калі я яго зрэшты атрымаў проста ў ложак, не выклікаў прыліву сіл. Але волі не забірае, таму каша лыжка за лыжкай была з’едзена, і на хлеб намазана масла да апошняй малекулы. Добра, што рэдкую кашу ня трэба было нават жаваць. Энергетычныя страты вымагалі кампенсацыі. Пры згадцы пра лімон і энергетычныя страты я мімаволі касіўся на ложак дзядзькі Гаўрылы, але ён пайшоў у сталоўку, таму ня мог адказаць на гэтыя позіркі.
Мяне агледзела дзяжурная доктарка, але нічога не знайшла, толькі пакачала галавой. Вось наша медыцына – галавой качаць могуць, а як лячыць – то не.
Але так ці інакш, да абеду я настолькі акрыяў, што змог самастойна сядзець на ложку. Касманаўт адразу пасьля працэдур зазьбіраўся дахаты, а дзядзька Гаўрыла са мной не гаварыў, мабыць, пракрыўдзіўся за ўчарашняе. Ну ды й чорт зь ім, я таксама не навязваўся.
Пасьля абеду, які мне таксама прынесьлі са сталовай, дзядзька Гаўрыла пайшоў на прагулянку і я застаўся ў палаце адзін. Тры ложкі без бялізны атачалі мяне. Яшчэ на двух бялізна сьведчыла пра наяўнасьць гаспадароў, але яны так сама сіратліва шчэрылі свае парэпаныя спінкі, нібыта на штосьці намякаючы. Гэтая няспадзяваная самотнасьць уразіля мяне. Яшчэ заўчора комната гула галасамі, а сёння... Нават уласнае цела мне здавалася нейкім маленькім на фоне пустога памяшканьня, слабым і бязважкім, нібы пёрайка з мізэрнае падушкі. Мне стала сумна і страшна аднаму. Я спрабаваў чытаць, але нават на гэта не ставала сіл.
Алёнка нібыта адчула, што мне стала дрэнна, і прыйшла, неспадзявана пяшчотная і лагодная.
– Змарыўся, коціку?
Я седзеў на ложку і глядзеў на яе. Чорныя валасы разьляцеліся па плячах, а ў вачах чыталася турбота. Яна турбавалася пра мяне. Чорт забірай, яна турбавалася пра мяне! Раптам ад усьведамленьня гэтага мне стала цёпла, проста горача, і сілы вярнуліся, я проста адчуў, як імі напаўняецца кожная клетачка майго няшчаснага хворага цела.
– Ты любіш мяне? – вырвалася ў мяне.
Яна засьмяялася і прыпала вуснамі да маіх губ. Здароваў рукой я абняў яе за талію. Так мы цалаваліся доўга, а калі яна адхілілася, хітра пазіраючы мне ў вочы, я адчуў, што ў роце пасьля пацалунку засталося нешта невялічкае і круглае. Бровы мае самі сабой узляцелі ўгору, а язык зрабіў рэфлекторны рух, намагаючыся пазбавіцца невядомага прадмета, але тут дзяўчына зноў затуліла мне рот сваімі вуснамі.
– Глытай, – загадала яна, ласьцячы мяне сваімі словамі. – Гэта табе дапаможа. Я паслухмяна глытнуў. Яе твар асьвяціла ўсьмешка.
– Ты акрыяеш, вось убачыш. Я ўночы прыйду. – Яна сашчулілася, нібы правяраючы мяне позіркам.
І дзіўна, ці то ўжо лекі падзейнічалі, а ці проста нежны голас, але я адказаў на гэты позірк.
– А дзядзька Гаўрыла нам не зашкодзіць? – спытаў я.
Алёнка задумалася:
– Трэба даць яму снатворнага. Сапраўды. Хай сьпіць. – Тут на яе твар небегла хмуранка. – Але разумееш, ён такі калхозьнік, такі жлоб, што нават ампулы перавярае, калі я яму ўколы раблю. У мяне ён снадзейнага ня возьме... – яна адвяла позірк і раптам палезла рукой у кішэню. Пола яе халата пры гэтым адхілілася, а з выразу вызірнула грудка. Я ня ведаю, што мяне падштурхнула, але я сабраўся з сіламі, нахіліўся і ўкусіў яе за сасок.
– Бач які! – засьмяялася яна. – Пачакай трохі. Вось на, трымай, – з гэтымі словамі яна ўвапхнула мне ў рукі пакецік з парашком, такі, як пакуюць лекі.
– Што гэта? – пацікавіўся я.
– Снатворнае, – патлумачыла Алёнка. – Усып яму куды-небудзь. У мяне ён ня возьме, а ты можаш неяк незаўважна. Тады ён нам не перашкодзіць.
Я апусьціў вочы. Пакецік ляжаў на долоні, такі бяспечны і маленькі. І я згадзіўся.
– Схавай, – парадзіла яна.
– Ты прыйдзеш? – я раптам адчуў, што хачу яе проста зараз, і што нават не дачакаюся ночы, вось зараз разарву халат...
Алёнка раптам адсунулася ад мяне і сказала:
– УВЧ вам часова адмянілі, а інструктар фізкультуры будзе прыходзіць у палату.
На парозе стаяў дзядзька Гаўрыла і, як мне здалося, з падазрэньнем глядзеў на нас.  Я сьціснуў далонь з пакецікам і схаваў яе пад коўдру.
– Не паднімайцеся пакуль што, - загадала Алёнка, падыходзячы да дзьвярэй. – А ў панядзелак вас паглядзіць загадчык аддзяленьня.
Мы выглядалі як змоўнікі, якімі і былі напраўду. Дзядзька Гаўрыла нічога не сказаў, а моўчкі прайшоў да ложка і моўчкі ўлёгся тварам уніз.
Астатак дня я таксама праляжаў, фактычна не сказаўшы ніводнага слова – дзядзька да мяне не зьвяртаўся, а я да яго і пагатоў. Дзіўна, але з Алёнчымын адыходам з палаты, мяне пакінулі і сілы, і я зноў стаў такім, як зранку, што ледзь-ледзь мог варушыцца. З іншага боку, недзе ў сярэдзіне сядзела надзея, ды дзе там надзея – упэўненасьць, што да вечаря я ачуняю і што варта ёй з’явіцца ў палаце, як я буду цалкам упарадку. І калі я пра гэта думаў, ува мне зноў падымалася жаданьне. Нешта хваравітае было ў гэтым пачуцці, але я быў няздольны да глыбокага аналізу і слушна адносіў усё на рахунак выпітых лекаў.
Так мінуў час да вячэры, на якую пайшоў дзядзька Гаўрыла, пазвоньваючы лыжкай ў кубку. Мне прынеслі кашу і гарбату – мясцовыя кулінары, верагодна, ні на што іншае здатныя не былі. Сёрбаючы цёплы салодкі напой, я згадаў пра пакуначак, што адпачываў у мяне пад падушкай. Згадаў і закашляўся. Божухна, гэта ж трэбя яму ўсыпаць снатворнае, а як? Думкі разбягаліся ў галаве і не маглі сабрацца разам. Я быў упэўнены, што гэта трэба зрабіць, і нават у глыбіні сьвядомасьці не паўставала пытаньне – навошта? У хворай галаве складаліся планы і ў наступны момант разьляталіся ў друз. І раптам, калі чарговы глыток гарбаты спаскудзіў і без таго паганы прысмак у роце, я зразумеў, як гэта зраблю. Дзядзька Гаўрыла заўжды прыносіў са сталовай гарбату і ўвечары запіваў ёй таблеткі.
  Сапраўды, ён вярнуўся с поўным кубкам у руках і паставіў яго на тумбачку. Цяпер заставалася толькі дачакацца слушнай нагоды. Але, як на грэх, дзядзька не выйшаў з палаты, нібы здагадваючыся пра нешта. Ён сядзеў і вывучаў вывучаныя ўжо газеты і гугнявіў нешта пад нос, а я дрыжаў у сваім ложку, і пакуначак са снадзейным апякаў мне далонь. Я мог думаць толькі пра адно – калі ён нарэшце пойдзе ў прыбіральню, каб я змог усыпаць усё ў гарбату і добрэнька перамяшаць. Цікава, яно мае які-небудзь смак? Не павінна, бо інакш ён усё адчуе і ня стане піць. А сусед, нібыта паддражніваючы мяне, сёрбаў час ад часу з кубка і ставіў яго на месца, паскуда.
Нарэшце, у мяне канчаткова скончылася цярпеньне і, калі дзядзька Гаўрыла пайшоў да ракавіны памыць рукі, я адважыўся на адчайны ўчынак – адным махам я высыпаў яму ў кубак усё змесьціва пакуначка. На паверхні напою ўтварылася пенка. Дзядзька плюхаўся ля ўмывальніка. Ён, здаецца, нічога не заўважыў.
Я адкінуся на падушку, зьмяўшы папярэц ў руцэ. Памяшаць снатворнае ўжо ня ўдалася. Дзядзька Гаўрыла вярнуўся на месца, дастаў з шуфляды свае начныя пігулкі і адным махам кульнуў усё змесьціва кубка. Ён нават не паглядзеў на мяне і не сказаў “дабранач”, бо калі сказаў бы, я б абявязкова прызнаўся ў тым, што нарабіў – настолькі застукала сэрца ў гэты момант. А так дзядзька плюхнуўся на сваю годную жалю падушку і захроп. Ну і чорт зь ім.
Божухна, што ж гэта са мной робіцца, а?
Мне раптам стала страшна. Надвары зьвечарэла і цемрадзь пракралася ў нашу палату. Скрозь шчыліны ў дзьвярах з калідору прабівалася сьвятло, але яно толькі падкрэсьлівала маю адзіноту і няздольнасьць нават уключыць лампачку пад стольлю, бо дзеля гэтага трэба было дацягнуцца да выключацеля, а я ня мог нават падняцца. Невядомая хвароба пазбавіла мяне сілаў, высмактала, нібы лімон. Нібы лімон... Божа! Я адчуў, што мяне пачынае трэсьці што э гэта робіцца, а? Ад разгубленасьці я спрабаваў паклікаць дзядзьку Гаўрылу, але той крэпка спаў, накачаны снадзейным. Я адчуў, што навокл мяне сціскаецца кола ліха, і ня мог супрацьстаяць яму.
Дзьверы палаты адчыніліся. Да майго ложка падышла Алёнка.
– Ты чаго ляжыш у цемрадзі?
Вочы яе зьзялі, а вусны кранала пераможная ўсьешка.
Халодны пот выступіў у мяне на ілбе пры ейным зьяўленьні. Язык зачапіўся за зубы і ня мог вымавіць аптымістычнага адказу.
– Ну як хочаш. У цемнаце нават лепш, – з гэтымі словамі дзяўчына павярнулася да дзьвярэй і шчыльна іх зачыніла. Белы халат паляцеў на падлогу.
– Ты чакаў мяне?
І яна накінулася на мяне як дзікі зьвер.
Гэтага разу я страціў прытомнасьць нашмат хутчэй. І хоць рукі мае не былі прывазяныя пасамі, я ўсё адно ня мог бараніцца, нават капітуляваць ня мог, бо Алёнка ведала сваю справу. Я адчуваў, як ейныя калені сцьскаюць мае рэбра, бачыў скрозь смугу цёмную постаць, што ўзлятала ўверх-уніз, як завядзёная, нібыта у жахлівым сьне. Здаецца, нават калі я канчаткова знепрытомеў, яна працягвала свой ліхі танец, нейкім адно ёй вядомым спосабам не даючы мне расслабіцца. Прынамсі ў трызьненні мне здавалася такая самая карціна – яе грудзі, што скачуць перад вачыма, яе рукі, што не даюць жыць і не даюць памерці, схавацца ў ратоўнай запамароцы непрытомнасьці.
Я ляжаў, як калода, калі мне зранку ставіл тэрмометр і калі прынесьлі, а потым забралі некранутым сьняданак. Толькі бліжэй да абеду душа мая пачала вяртацца на гэты сьвет, і першае, што яна пачула, гэта бадзёры голас Касманаўта:
– Так вы што, цяпер у нас штодня дзяжурыце?
Вы не ўяўляеце, наколькі прыемна было пачуць гэта. Сабраўшыся з сіламі, я расплюшчыў сьвінцовыя павекі. Касманаўт ззяў, як горад пасьля дажджу, – памыты, у сьвежай кашулі, нават апарат Ілізарава пабліскваў, нібыта яго начысьцілі. Ягонае пытаньне было спрамавана да постаці ў белым халаце, што стаяла каля майго ложка спіной да мяне.
– Ды не, проста Людачка папрасіла памяняцца на гэтыя выходныя, – адказала постаць Алёнчыным голасам.
– А дзядзька Гаўрыла дзе, гуляе?
– Ды не. Ужо дагуляўся. Ён жа ў нас прынцыповы, сам сабе пігулкі прызначае.     
– І што? – вылупіў вочы Касманаўт.
– А нічога, перадазаваў учора снатворнага, – патлумачыла Алёнка. – Уночы забралі ў рэанімацыю, можа, адкачаюць.
– Бо-ожа! – жахнуўся Касманаўт.
Я ляжаў і слухаў, спрасонку нічога не цямячы.
– А Лёха як? – спытаў Касманаўт, аджахаўшыся.
– Спіць, – Алёнка павярнулася да мяне. – О, ужо ня спіць! Прачнуўся?
Я глядзеў на яе шырока раскрытымі вачыма, нібы на здань, што паўстала раптам з кашмарнага сну.
– Прачнуўся! – з задавальненьнем констатавала Алёнка і падышла да мяне ўпрытул. Яе рука сьлізнула ў кішэню. – На вось, выпай аспірыну, бо зноў тэмпература лезе.        
На яе далоні ляжала сераватая вялікая пігулка. Я не вялікі знаўца лекаў, але на аспірын гэта не было падобна ніяк. Яна паднесла пігулку да самых маіх вуснаў і я мімаволі скалануўся.
– Чаго ты? – здівілася дзяўчына. – Пі-пі, – і яе палец уладна залез мне ў рот, запіхваючы пігулку ўглыб.
Дзявацца не было куды і я рэфлектрона глытнуў.
– Вось. І гарбатай запі, – халодная гарбата была яшчэ больш гідкай, чым заўсёды. – Гэта дасьць табе сілаў, – шматзначна сказала Алёнка, ставячы кубак на тумбачку.
І тут у маіх мазгах выбухнула раптоўная думка: “Я забіў дзядзьку Гаўрылу!” Яна была настолькі неспадзяванай і гучнай, што я аж заплюшчыўся.
– Я прыду да цябе ўночы, – прашаптала, нахіляючыся, Алёнка.
Я адкрыў вочы. У гэты момант яна здалася мне ўцелясьненьнем д’ябла, а яе ўсьмешка – запрашэньнем у пекла. У намаганьні ці то абараніцца, ці то запярэчыць, я вялікім высілкам волі падняў руку, але гэты жэст ніяк яе ня ўразіў. Яна нават шматзначна мне падміргнула, калі выходзіла.
– Гэта ў цябе яшчэ ад наркоза? – устурбавна запытаў Касманаўт і, не дачакаўшыся адказу, падсумаваў. – Вось бачыш, як яно. А быў самым здаровым сярод нас. Гэта, напэўна, алергія.
Божухна, гэта ж я забіў дзядзьку Гаўрылу. Гэта ж я насыпаў яму снатворнага, цэлы пакецік, а трэба было палову ці колькі. Яна ж мне не сказала, колькі сыпаць. Чаму не сказала, яна ж медык? І тут я згадаў усё, згадаў яе рэакцыю на мае словы ў аперацыйнай, калі я сказаў, што яна мяне высмоктвае. Я ўсё зразумеў. Яна забіла дзядзьку Гаўрылу, толькі маімі рукамі. Яна яшчэ раней забіла Футбаліста, калі ён здаў яе загадчыку аддзялення. Гэта ўсё яна.
– Ты бачыш, якое жыццё, – працягваў разважаць уголас Касманаўт. – Тыдзень таму нас у палаце было шасьцёра, і вось сення ўжо двое. Як хутка ўсё зьмяняецца. Ты на абед пойдзеш? Цю, блін, што гэта я пытаюся, ты ж цяпер ляжачы. А я пайду, бо нешта я згаладнеў.
Мне абед зноў прынесьлі ў ложак. Я ўвесь занурыўся ў думкі, таму механічна з’еў усё, не зважаючы на смак. Што ж гэта выходзіла? Матэрыялістычнае выхаваньне не дазваляла сур’ёзна ўспрымаць версію дзядзькі Гаўрылы пра сукубаў, але і грэбаваць ёю я ня меў падставы. А можа, яго яшчэ адкачаюць, і ён яшчэ раз усё апавядзе? Навошта я тады сьмяяўся зь яго? Божухна, што ж рабіць? 
Посуд забрала санітарка, я падзякаваў і злавіў сябе на тым, што голас прагучаў цьвёрда і ўпэўнена. Ды і рукам дадалося сілаў. Гэта, напэўна, пачала дзейнічаць пігулка, якую мне дала Алёнка, яна і ўчора такую давала...
І раптам я зразумеў, што трэба рабіць. Я ўцяку. Проста ўцяку, і ўсё, а потым ужо буду разбірацца з энергетыкай. Уцяку дадому, там адляжуся, тады ўжо і паглядзім што да чаго. Я нават зразумеў, калі мне ўцякаць, –  падчас вячэры. Яна, напэўна, пільнуе, а падчас вячэры ў калідорах процьма хворых і так лёгка згубіцца сярод іх. Я прасачу, каб за канторкай нікога не было, і проста як ёсьць, у піжаме, выйду на двор, я там ужо неяк дабяруся, абы адсюль вырвацца.
Так я меркаваў рэшту дня, пакуль Касманаўт хадзіў гуляць на уліцу, потым чытаў кніжку. Ён час ад часу намагаўся загаварыць са мной, але я адказваў неахвотна і коратка, таму размовы не выходзіла.
Адзін раз заходзіла Алёнка, нібыта пра нешта спытацца ў Касманаўта, але насамрэч пераверыць, як я. А я з кожнай хвілінай набіраўся сілаў, і здавалася, што толькі вырвуся на волю, то прыпушчу, і ніхто ня спыніць.
Так доўга яшчэ ніколі не цягнуўся час паміж абедам і вячэрай. Апошнюю гадзіну я ўжо проста страціў цярпеньне, штораз у думках мераючы дарогу ад палаты да варот шпіталю.  Я штохвіліны глядзеў на гадзіньнік, але той, здавалася, спыніўся. І вось нарэшце Касманаўт зазьбіраўся і зазьвінеў лыжкай. Я напружыўся, не іначай бягун перад стартам. Трэба было дачакацца, пакуль мне прынасуць порцыю, а тады імгненна зрывацца. Чаго ж яе так доўга не нясуць? А, вось, ну і дзякуй Богу. І толькі-толькі санітарка знікла за дзьвярыма, як я адкінуў з сябе коўдру.
Насамрэч гэта выявілася не настолькі лёгкай справай, як здавалася хвіліну таму. Кожная рука важыла ня менш як шаснаццаць кілаграмаў, ды яшчэ і коўдра дадавала кіло з трыццаць. Але выбару не заставалася. Я павольна сеў на ложку і спыніўся, адсапваючыся. Ну, нічога, галоўнае падняцца, а там ужо патрошку разхаджуся, крок за крокам, крок за крокам, вось зараз збяруся, і... Рука, што ўхапілася за сьпінку, імгненна стала вільготнай і сьлізкай. З неймаверным высілкам я ўстаў на ногі і закачаўся. Божухна, ніколі і ўявіць сабе ня мог, што стаяць настолькі цяжка. Сэрца калацілася ажно ў скронях і, здавалася, вось-вось выскачыць праз патыліцу. Трымаючыся за спінку, я сагнуў нагу ў калене і зрабіў першы, малюсенькі крок. Вось, вось так, менавіта так, па-ціхеньку. Я сагнуў другую нагу і паставіў яе побач. Цудоўна. Лоб пакрыўся дробнымі кропелькамі поту, што пацяклі па шчоках, нібы сьлёзы, бо такіх высілкаў, якіх каштавалі мне гэтыя два крокі, я нават уявіць сабе ніколі ня мог. Вось яшчэ крок. І яшчэ. Але каб зрабіць пяты, трэба было адпусьціць спінку ложка. Адсюль да дзьвярэй было зусім блізка, і калі хутка ступіць, можна было пасьпець схапіцца за ручку. Я зьмерыў адлегласьць вачыма. Адзін крок. Ну, можа, два. Калі хутка ступіць і схапіцца хворай рукой, то дастану. Слова гонару, дастану. Я набраў у грудзі паветра, рашуча адпусьціў спінку, ступіў крок, потым другі, і не дастаў. Я страціў раўнавагу і паваліўся проста на падлогу, узьняў неймаверны грукат і ўдарыўся галавой аб край умывальніка. Апошняе, што я запомніў, – гэта чыйсьці твар, што зазірае ў дзьверы і крык:
– Упаў! Упаў!
Апрытомнеў я ўжо ў ложку. Каля маіх ног сядзела Алёнка і сьмеючыся глядзела на мяне. Больш нікога ў палаце не было.
– Вярнуўся да явы? – спытала дзяўчына, нахіляючыся да мяне. – Вось і малайчына. А чаго ты туды пайшоў, га? Ты хацеў уцячы ад мяне? – і тут яна засьмяялася нізкім, нейкім ненатуральным сьмехам. – Нічога ў цябе ня выйдзе. Ад мяне не ўцячэш. Бо я цябе хачу. Зразумеў? Ты – мой. Вось убачыш, на што я здатная дзеля цябе. Сёння ўбачыш. – З гэтымі словамі яна ўстала, абдзёрнула халацік і салодка пацягнулася ўсім целам. – Набірайся сілаў. Я ўвечары прыйду.
Яна выйшла ў калідор, пакінуўшы мяне аднаго. У галаве маёй зьвінела, нібы ў царкве на Вялікдзень. Але нават праз гэты звон я змог падумаць: “Ня ўцёк. Цяпер мне канец.” І яшчэ: “Як жа яна прыйдзе, а Касманаўт? Яго ўжо няма?” Але Касманаўт быў. Праз нейкі час ён узьнік на парозе, сьмеючыся.
− Ну ты, Лёха, даеш! Куды ж ты папёрся, ей Богу? – ён коратка рагатнуў. – Ну, ты б бачыў, як цябе паднімалі. Увасьмёх. Уся калеча сабралася, у таго рука, у таго нага. Сястрычкі войкаюць. Сьмех і грэх... Ну як ты, ня моцна пабіўся? – я адмоўна закачаў галавой, і званы зазванілі яшчэ гучней.
− Пашанцавала. Бо крый Божа ты б сабе нешта зламаў. Ты ўяўляеш? Упасьці ў траўматалогіі і зламаць, напрыклад, руку, га?
Мне гэтая ідэя не здалася надта захопляльнай, але касманаўт рагатаў над ёй некалькі хвілін, абсмоктваючы з розных бакоў.
– Ці нагу зламаць, га? У траўматалогіі!
“Я ня ўцёк, – стукала ў мяне ў галаве. – Ня ўцёк”.
Касманаўт нарэшце адсьмяяўся і стаў укладвацца, мармычучы сабе пад нос.
І тут у палату зайшла Алёнка з поўным шпрыцам у руках.
– Нечыпарэнка! – голасна сказала яна. – Укол!
– Чаго гэта? – абурыўся Касманаўт.
– Зранку прагуляў?
– А заўтра нельга?
– Нельга. Урач штодня прапісаў. Лягай, не выкаблучвайся.
Яна рашуча падыйшла да ложка. Касманаўт неахвотна ўлёгся. Алёнка  адным рухам выпусьціла ў столю добрую палову змесьціва шпрыцу, потым чамусьці павярнулася да мяне і дастала з кішэні невялічкую ампулу. Яна пераможна ўсьміхнулася мне, адламала яе канец і пачала набіраць у шпрыц празрыстую вадкасьць. Я застыў, бо ня мог адарваць вачэй ад таго, што бачыў. Язык мой прыліп да гартані. А Алёнка хутка і спраўна набрала шпрыц, потым апусьціла ампулу назад у кішэню і яшчэ раз пераможна глянула на мяне. Мне хацелася крычаць, але язык не слухаўся і рот на раскрываўся пад яе позіркам.
– Нечыпарэнка! – сказала Алёнка. – Укол у руку. Чаго ты разлёгся?
– Так вы ж самі сказалі лягай! – абурыўся Касманаўт.
– А цяпер кажу сядай!
– Цю!
– Ты не цюкай, а то зараз як укалю, месца мала будзе.
Я з жахам глядзеў, як тоненькая іголка прабівае белую Касманаўтаву скуру і вадкасьць пад ціскам поршня ўліваецца ў іголку і туды далей, у цела, несучы з сабою...
Алёнка хутка ўхадзілася са звычайнай работай і прыклала ватку да месца ўкола.
– Ну вось, цяпер будзеш лепш спаць.
Касманаўт нешта прабурчаў у адказ, а дзяўчына развярнулася на абцасах так, што полы халата разьляцеліся, і пайшла да дзьвярэй. На парозе яна спынілася, паглядзела на мяне і прыклала палец да вуснаў, разцягнутых ва ўсьмешцы.
Я ляжаў, нібы загіпнатызаваны гэтым знакам. Касманаўт ваўтузіўся ў ложку, нешта незадаволена гаварыў, а ў мяне пахаладзела ўсярэдзіне і не было сілаў вымавіць бадай слова. Хвілін праз дзесяць ён заціх і вымкнуў сьвятло. І я застаўся ў палаце адзін.
Што Алёнка вырабляла са мной гэтай ноччу, нават апісаць цяжка.
Здавалася, яна помсціла мне за маю спробу ўцячы і за нейкія яшчэ невядомыя абразы. А я, як на грэх, ня мог ніяк адключыцца і толькі стагнаў і крычаў, звіваючыся на ложку.
Касманаўта забралі на наступны дзень з нейкім ныркавым абвастрэньнем. Ён нават апрытомнеў, але я ў той час крэпка спаў, знясілены начнымі катаваньнямі, і ня мог нават позіркам правесьці свайго апошняга таварыша.
У нашую палату нікога не паклалі. Ды й мяне нікуды не пераводзілі, ня гледзячы на цяжкі стан. Дактары качалі галовамі, але нічога не рабілі. Як ёй гэта ўдалося, невядома, але я застаўся цалкам у Алёнчыных руках. Яна, здаецца, нават дадому не хадзіла. Зранку карміла мяне сваімі жахлівымі пігулкамі, ад якіх я ўвечары зноў быў гатовы да бою, а ў астатні час клапацілася пра мяне як родная маці, нават карміла з лыжачкі, бо я, урэшце-рэшт, ня быў здатны сябе прымусіць есьці, таму што гэта дадавала мне сілаў, а больш за ўсё ў сьвеце мне хацелася іх нарэшце страціць і ціха згаснуць, нібы сьвечка.
Сілы мае зьмяншаліся з кожным днём, і ў сераду я ўжо нават не сядзеў на ложку, толькі Алёнчыны пігулкі сяк-так утрымлівалі маю душу у хворым целе. Я з большага спаў і мае думкі лёталі недзе далёка.   
А ў сераду, падчас паабедзннага адпачынку, каля майго ложка раптам з’явілася зусім незнаёмая жанчына. Я спачатку падумаў, што гэта Алёнка прынесла вячэру і спужаўся, што так хутка надыхозіць ноч, але потым разглядзеў скрозь сьвінцовыя павекі і зразумеў, што гэтую жанчыну бачу ўпершыню. Было ёй гадоў за сорак, і стомлены твар абрамляла цёмная, па-сялянску завязаная хусьціна.
Жанчына, не спытаўшы дазволу, села на мой ложак, чамусьці азірнулася на дзьверы і спытала:
− Ты Аляксей?
Шчыра кажучы, я здівіўся, калі казаць дакладней, мае безнадзейныя  думкі набылі лёгкае адценьне здзіўленьня, бо па-сапраўднаму здзіўляцца ўжо не хапала сілаў. 
Відавочна, мая маўчанка задаволіла жанчыну, бо яна кіўнула і патлумачыла:
− Мяне прыслаў да цябе спадар Гаўрыла. Ён сказаў, што табе патрэбна дапамога.
Я спачатку не зразумеў, хто такі “спадар Гаўрыла”, бо прывык называць яго дзядзькам, але калі сьцяміў, парасткі надзеі варухнуліся ў маёй душы. А цётка вяла далей:
– Вось ён табе перадаў абярог, – з гэтымі словам яна палезла за пазуху, у свой жаночы “гаманец”, і дастала адтуль нешта загорнутае ў чыстую тканіну. – Гэта зьмеявік, – растлумачыла яна. –  Майкі яго баяцца як вагню, нават блізка не падыходзяць,. але ў цябе, здаецца, працэс зайшоў надта далёка, таму проста прыкладзі гэта ёй да цела, і яна больш ніколі не захоча цябе чапаць, – з гэтымі словамі цётка тыцнула мне ў рукі скрутак.
  Я адчуў на далоні вагу, нібы ў тканіну была загорнута добрая жалезяка. А жанчына паглядзела на мяне ўважліва:
− Ты ўсё зразумеў?
Я нічога не зразумеў, але злёгку кіўнуў. Жанчына паднялася.
− Як ён? – мой кволы голас прагучаў нібы кацінае мяуканьне, але яна пачула яго.
− Перадаваў табе прывітаньне. Ён патроху ужо садзіцца на ложку. – На яе вочы раптам навярнуліся сьлёзы, і яна ледзь заўважна змахнула іх краем далоні.
− Дзякуй, – прамяўкаў я, не пазнаючы ўласнага голасу.
Жанчына павярнулася і пайшла да дзьвярэй, па ходу дастаючы з-за выразу хусьцінку.
Я глядзеў ёй усьлед. Мае вочы таксама незразумела чаму сталі вільготнымі. А думкі зачапіліся за скрутак на далоні  і падштурхоўвалі, заклікалі паглядзець, што гэта, песьцячы апошнюю надзею. Я паслухмяна разгарнуў тканіну і стаў разглядаць падарунак дзядзькі Гаўрылы.
Гэта быў металічны пашарпаны дыск дыяметрам трохі большым за карабок запалак. На першы погляд ён ствараў уражаньне чагосьці вельмі старадаўняга. З пацёртай паверхні на мяне гладзела досыць недасканалая выява чалавека з крыжом у руцэ. Гэта было падобна да прымітыўных малюнкаў і не стварала вялікага ўражаньня.  На другім баку дыска таксама быля выява, але зусім іншая. Тут была выбіта жанчына, а дакладней жаночая галава з правільнымі, нават клясычнымі рысамі, толькі замест валасоў яе атачалі клубкі зьмеяў, што спляліся, раззяваючы пашчы, у своеасаблівую прычоску. “Медуза-гарона”, – усплыло ў маёй галаве нешта з атакаў школьнай праграмы. Але гэтая Медуза ніяк ня клеілася з карцінкай на другім баку. Я перавярнуў дыск – так, гэта нейкі хрысьціянскі сьвяты, вунь нават надпіс па-стараславянску, толькі не разабраць як сьлед. А з таго боку… Багіня, вось як называў яе дзядзька Гаўрыла. Гэта Багіня-Медуза стварала досыць непрыемнае ўражаньне менавіта з прычыны дасканалага малюнку, бо зьмеяў я сапраўды не пераношу. Вось, аказваецца, чаму ён завецца зьмеявіком. Я прыкрыў яе твар тканінкай і тут раптам зьвярнуў увагу, што дыск цяплее, менавіта так, ён стаў цяплейшы за маю руку і – дзіва – рука стала значна мацнейшай, ён нібыта выпраменьваў нейкую энергію, што праз руку ўбірала маё бедалажнае цела, я проста адчуў паток гэтай энергіі. Вы можаце падумаць, што “значна мацнейшая” – гэта надта моцна сказана, і будзеце мець рацыю, бо насамрэч усё гэта хутчэй мроілася, чым адчувалася напраўду, але дзіўна – ад позірку Багіні я раптам захацеў жыць, захацеў змагацца, і душа, што ўжо сабралася было адлятаць да іншых сфераў, вярнулася на месца, туды, дзе ёй і належала быць. 
Я крэпка сьціснуў гэты дзіўны абярог і схаваў пад коўдру. Алёнка прыйшла перад вячэрай.
− У цябе нехта быў?  – спытала яна ўстурбавана.
− Не, – не міргнуўшы збрахаў я, адчуваючы, як дыск пад падушкай награваецца яшчэ мацней.
− Гм, – Алёнка разглядала палату, нібы ўпершыню бачыла. – Нешта дух такі…
Тут я засьмяяўся, бо гэта ўжо нагавала казку пра Пакацігарошка.
− Што з табой? – здзівілася Алёнка.
− Нічога, – трэба было і далей патрошку паміраць, каб яна ні пра што не здагадалася.  Я баяўся згубіць зьмеявік, бо хто яе ведае – забярэ і апошняя надзея прапала.
Алёнка прайшлася па палаце сюды-туды, прынюхваючыся, нібы хорт перад паляваньнем.  Раз-пораз яна сашчулена пазірала на мяне, але я не адказваў на гэтыя позіркі, прыкрыўшы вочы.
− Ну добра, – сказала дзяўчына нарэшце, відавочна нічога больш не прымеціла. – Зараз прынясу вячэру.
Пакуль яна карміла мяне з лыжачкі, я штосілы сціскаў пад коўдрай свой абярог і адчуваў, як з яго проста ў руку ідзе паток цёплай энергіі. Алёнка глядзела на мяне з падазрэньнем, а я старанна прыкрываў вочы.  Калі апошняя лыжка кашы зьнікла ў мяне ў роце, дзяўчына ўстала:
− Рыхтуйся да ночы, коціку, – драпежна ўсьміхнулася яна, але ў вачах ўсё адно гарэла трывога.
Як толькі дзяўчына зьнікла за дзьвярыма, я дастаў з-пад коўдры зьмеявік і стаў старанна разглядаць. Ён сапраўды выпраменьваў энергію нейкім незразумелым чынам, нават вочы адрозьнівалі невялічкае ззяньне вакол дыска. Дзіўная рэч. Але яна павінна была спужацца яго, ці не так сказала жанчына? Не спужалася. Але прымеціла, дакладна прымеціла. Значыць, трэба будзе паспрабаваць дакрануцца да яе цела, як радзіла цётка. І я вырашыў зрабіць гэта сёння ж, сёння ўночы. З гэтай думкай я і заснуў, перапоўнены такой неспадзяванай надзеяй.
Яна пабудзіла мяне зусім не пяшчотна і нават не ласкава, а проста патрэсла за плячо.
− Спіш, коціку?
Я спалохана сьціснуў далонь. Не, дзякаваць Богу, зьмеявік быў на месцы, рука адчула цёплы дотык металу.
− Ня час спаць, – уладна сказала Алёнка. Яна ўжо была распранутая і рашуча адкінула з мяне коўдру. Я схаваў руку са зьмеявіком пад прасьціну, але дзяўчына не зьвярнула ўвагі на гэты рух. Схіліўшыся нада мной, яна ўзялася за справу.
Дзіўна, але яе дотыкі, што заўжды давалі задавальненьне, сёння былі проста мярзотнымі, няйначай жаба скокнула да мяне ў ложак і чвакае сваім брыдкім ротам. Я ледзь стрымаўся, каб не закрычаць ад агіды. Але дзяўчына працягвала сваю справу, і калі нарэшче дамаглася свайго, ускочыла на мяне, нібы на каня, і заварушыла сьцёгнамі, заводзячы сябе. Калені яе моцна абхапілі мае бакі, а проста перад вачыма скакаў жывот, што сканчаўся голеным, гладзенечкім пагобам паміж ног. Дзяўчына адкінулася назад, прагінаючыся ў спіне,  застагнала, і ў гэты момант я прыклаў да яе зьмеявік, проста да гэтага пагроба, такога далікатнага і прывабнага некалі. Я не выбіраў наўмысна, але дыск трапіў на скуру тым бокам, на якім была намалявана жанчына са зьмеямі. І стогн жарсьці імгненна прераўтварыўся ў віскат. Алёнка заверашчала так, нібы яе сапраўды ўкусіла зьмяя. Яна трэслася і крычала, выгінаючыся, сілячыся саскачыць зь мяне, але зьмеявік нейкай невядомай сілай трымаў яе. Дзяўчына скакала і верашчала як шалёная, выгінаючыся ўсім целам, і тут я неспадзявана завёўся, як некалі заводзіўся на ёй, і прыяднаўся да яе рухаў, не адпускаючы зьмеявіка. Гэта трывала доўга, і дзяўчына ні на імгненьне не перапыняла сваіх ускрыкаў і енкаў, пакуль я нарэшце сам не застагнаў і знясілены не апусьціў руку.
Зьмеявік выкаціўся на прасьціну і замёр. Багіня-Зьмяя  паглядзела на мяне. А Алёнка ў той жа момант зьляцела з мяне на падлогу і ўпала на бок. Вочы яе, вылупленыя і белыя, глядзелі некуды ў прастору. Я нават спужаўся выразу гэтых вачэй, столькі ў іх было лютасьці, а разам з тым жаху і пакуты. Праз хвіліну Алёнка ўскочыла з падлогі і, як была голая, з крыкам выляцела з палаты прэч.
Я знясілены адкінуўся на падушкі.

Выпісалі мяне са шпіталю праз тры тыдні. Штопраўда, руку разрабіць поўнасьцю не ўдалося, але на ўсё свой час, як запэўніў мяне наш Тата. Тэмпература з таго дня больш не паднімалася, а зь ёю зьнікла і кволасьць у целе і патрошку вярнулася энергія. Алёнка звольнілася са шпіталю на наступны дзень, і больш мы з ёю не сустракаліся. Сваю ўвагу я перанёс на безадмоўную Тацяну з хірургіі. Хоць з пункту гледжаньня тэхнікі яна і не была дасканалай, затое шчырасьць… – у стасунках з жанчынай заўжды пераважае шчырасьць, ці не так?
А зьмеявік я прасьведраваў, начапіў на ланцужок і цяпер заўсёды нашу на шыі – пра ўсялякі выпадак.
Паводле: Браты Карпанавы. Кобзар 2000

  • 1
панi, твой пераклад ?

Мой. Даўні, праўда, але, як на мяне, сымпатычны.

  • 1