?

Log in

No account? Create an account
alter ego

wroblewska


HEDONIST&Co

ILLUSION IS THE FIRST OF ALL PLEASURES


Previous Entry Share Next Entry
Дзявочыя ночы. Ч. 2
la soeur
wroblewska
− Прачнуўся? – Мызкумам стаяў каля майго ложка і шчэрыў усе свае крывыя зубы.
– Ну ты здароў спаць! Будзілі цябе, будзілі – вячэру праспаў.
− Казак. Калі сьпіць, то ня есьць, – філасофскі заўважыў  Футбаліст.
Мызкумам паказаў рукой на маю тумбачку:
– Вось мы тут табе булачку ўзялі са сталоўкі. Хоць нешта пажаваць.
Я сеў на ложку. Тумбачку сапраўды вянчала талерка з глінянай булачкай зьверху. Акрамя булачкі, нашу палату ўпрыгожваў яшчэ адзін манумент – на Жорыным ложку ўладкаваўся чарнявы шныр, а перад ім стаяў вялікі кубак са ўсунутым ў яго кіпяцільнікам. Кубак параваў, напаўняючы памяшканьне непараўнальнымі пахамі.
− Чыфіру хочаш? – спытаў Жора, што сядзеў з другога боку ад кубка.
Я быў згодны на ўсё.   Штопраўда, пасьля першых глыткоў сэрца закалацілася с колішняй энэргіяй, а рухі набылі жаданае цьвёрдасьці. З размовы на Жорыным ложку я зразумеў, што мы сьвяткуем заўтрашняе вызваленьне гаспадара. Акрамя мяне, зелля кульнуў яшчэ Касманаўт, які ў выніку сядзеў на ложку і без перарыву ікаў.
− Ну і як? – ціха запытаўся ў мяне Мызкумам. Яму, напэўна, таксама хацелася, але не наважвалася. Я толькі паціснуў плячыма.
– А мне больш гарэлка падабаецца, – Мызкумам рашуча вярнуўся на сваё месца.
− Каму што, – слушна заўважыў Жора.
Я паставіў пусты кубак на тумбачку і тут прымеціў, што далонь пад самымі пальцамі перацінае глыбокая драпіна с засохлай крывёй па краях. Другую далонь таксама ўпрыгожвала драпіна, хоць і не такая доўгая. Хто гэта мяне? Я напружыўся, прыгадваючы. Божухна, ды гэта ж шкляная шафа,  я трымаўся за яе, а потым з’ехаў на падлогу – ні фіга сабе! Кроў запяклася вялікімі струп’ямі, напэўна, добра цякла. А я і не заўважыў. Вось дык накаут! Я падняўся і пашлёпаў да ракавіны ў кутку. З рук пацякла чырвоная вада, а парэзы запяклі і засьвярбелі.
− Што гэта ў цябе? – спытаў дзядзька Гаўрыла.
Я адмахнуўся і пачаў выціраць рукі шэрым рушніком. Сусед глядзеў на мяне ўважліва, нібы вывучаючы. Цяжкі позірк спыняўся то на руках, то на рушніку, то на твары. Я адразу згадаў размову на лаве пад акацыяй. Чаго ён да мяне прычапіўся?
Каб пазьбегнуць лішніх распытваньняў, я вырашыў выйсьці ў хол і сеў каля тэлевізара, але так і ня змог засярэдзіцца на тым, што паказвалі. Сёння быў цяжкі дзень. Трэба адпачыць, бо заўтра з ранку зноў на ўколы. Божа, што яна са мной зрабіла! Вось вам і харашыстачка! Вось і акуратыстачка! Але ўцякаць з поля бою мяне не вучылі. Украінцы так проста не здаюцца. Зараз дагляжу да адбою, а тады спаць, набірацца сілаў. Заўтра паглядзім, хто каго.
Калі дзяжурны ўрач пад агульны стогн незадавальненьня вымкнуў нарэшце тэлевізар, я ўжо поўнасьцю адышоў ад прыгод і гатовы быў занурыцца ў абдоймы сну. Касманаўт падняўся з канапы побач са мной.
− Лёха, ты як пасьля чыфіру?
− Пуцём, а ты?
− Сэрца б’ецца і бабу хочацца. Гэта нармальна?
Я засьмяяўся. Гэта нармальна. Але Касманаўт гладзеў на мяне з недаверам – пэўна, думаў, што я сьмяюся зь яго. 
− На трэцім паверсе ў хірургіі Тацяна чаргуе. Спусьціся да яе, можа і дапаможа чымсьці.
− Праўда? – яго вочы загарэліся.
− Праўда.
Тацяну я ведаў яшчэ з першага тэрміну, яе цягалі ўсе, каму не лянота, і яна была нават прыгожай, калі прыглядзецца. Але ў параўнаньні з Алёнкай... Божа, якім я быў дурнем тады!
Касманаўт скарыстаўся з маёй парады і вярнуўся ў палату глыбока ўначы, зачапіўшы сваім Ілізаравым за тумбачку і пабудзіўшы ўсіх, хто не ўжываў снатворнага. Я спрасонку дадаў свой голас да агульнага хору лаянкі і занурыўся назад у глыбокі цалебны сон.
Не прачнуўся я нават тады, калі мералі тэмпературу.
− Ну ты здаровы спаць! – с захапленьнем  выгукнуў Мызкумам перад сьняданкам, калі я прадзёр-такі вочы. Акрамя мяне, заспаўся яшчэ Касманаўт, ды яно і зразумела.
− Гэта, напэўна, ад учарашняе гарбаты, – вёў Мызкумам, пакуль мы ўсе чарадой чыкільгалі до сталовай, пазвоньваючы лыжкамі ў кубках.
– Якое гарбаты! – абурыўся Футбаліст. – Ад такой гарбаты яны павінны да ранку мышэй лавіць. Гэта ў іх парадаксальная рэакцыя. Я вось памятаю, неяк кавы напіўся, так потым дзень і ноч ня спаў.
Мызкумам неспадзявана захіхікаў:
− Кавы... Толькі што кавы. Я таксама як дам з кумам кавы, дык таксама потым сплю.
− Кава, – запярэчыў Футбаліст, – гэта зусім ня тое, пра што ты думаеш. Каву вырошчваюць на горных схілах маладыя бразылійкі, а потым яе смажаць, мелюць і п’юць з філіжанак, дурыла.
Але Мызкумам не сунімаўся:
− Не брашы. Аднаго разу, памятаю, мы так далі кавы, што прачухаліся толькі праз тыдзень. А ты кажаш, бразылійкі!
Я тую навуковую спрэчку слухаў у паўвуха, бо насамрэч дагэтуль не прачнуўся. Сапраўды, нейкая парадакальная рэакцыя. Пасьля сьняданку я нават яшчэ трохі падрамаў, а потым такі прадзёр вочы і адчуў, што ноч дарэмна не прайшла. Я быў поўны сілаў і жаданьня давесьці Алёнцы, што ўчарашні накаут ня больш як эпізод на доўгай дарозе каханьня і што ёсьць яшчэ рыцары ва Ўкраіне, і што ў нас тая сіла, што і ў бацькоў была, і што порах на люльцы ня згас, і... але тут мая літаратурная асьвета вычарпалася, ды й у час – пачаўся абход.
– Трымайце. Гэта ваш эпікрыз. Станьце на учот у паліклініцы. І саблюдайце рэжым.
Жора ўсьміхаўся, нібыта і напраўду адужаў.
У Мызкумам было ня ўсё добра, Тата доўга качаў галавой, потым прызначыў нейкія новыя ўколы.
– Зьлітуйцеся! – запрасіўся бедалага. – Ужо і так дупа як рашато. Там няма куды калоць.
− Знойдзем, – упэўнена сказаў Тата і пайшоў далей. Каля мяне ён таксама
пачаў качаць галавой.
− Голуб сізакрылы, што ж гэта ты тэмпературыш, га?
Я здівіўся. Выявілася, што зранку мне зноў немералі трыццаць сем і две.
− Яму пара ўжо на кансультацыю да доктара Пятроўскага, – помсьліва падсумаваў Мызкумам. – Запішыце на той тыдзень.
Усе з гатоўнасьцю разрагаталіся. Усьміхнуўся і Тата, але нічога не сказаў, нават не прызначыў новых уколаў.
− А хто такі доктар Пятроўскі? – запытаў наіўны Касманаўт, калі дзьверы за нашым урачом зачыніліся.
− Паталагаанатам, – растлумачыў Футбаліст. – Ён трупы рэжа. Вялікі спецыяліст.
Касманаўт з забабонным жахам вылупіўся на Мызкумам. А я не пакрыўдзіўся, бо насамрэч меў найменей шанцаў трапіць на такую кансультацыю, а да своеасаблівых шпіталёвых жартаў пасьпеў прызвычаіцца яшчэ падчас першай сэрыі ляжаньня.
Жора схаваў эпікрыз пад кашулю, напэўна, каб не згубіць.
− Ну што, братва, папраўляйцеся!
Ён пачаў разьвітвацца з намі, абкульгваючы ложкі і ціснучы кожнаму руку.
− Бывайце!
− Каму бывайце, а каму да сустрэчы, – філасофскі заўважыў Футбаліст. − Ты калі вернешся, праз месяц?
− Праўда што, – сумна падцьвердзіў Мызкумам. – Я дачакаюся.
− Не перажывай! Абыйдзецца. – Жорын аптымізм шамацеў пад кашуляй папяровым аркушыкам выпіскі, ён сьпяшаўся дадому, каб піць гарэлку з сябрамі, тому мог дазволіць сабе шляхетнасьць.
Хутка прыйшла Алёнка і забрала Жорыну бялізну. На мяне яна зноў не звярнула аніякае ўвагі – вось ужо кансьпіратарка. Нічога, усяму свой час.
Я вырашыў спачатку наведаць масаж і УВЧ, але сёння не з мэтай схавацца ад уколаў. Седзячы пад лячэбнымі высокачастотнымі хвалямі і трываючы гвалт масажыста, я зьбіраўся з сіламі надалей.
Каля дзьвярэй працэдурнай нікога не было. Я падышоў, азірнуўся, каб пераканацца, што ніхто больш не чакае ўколаў, я асьцярожна націснуў на ручку. Дзьверы раптам рэзка адчыніліся, і насустрач мне з комнаты выкацілася бабуля з гіпсавай рукой, вохкаючы і стогнучы на кожным кроку. Я адступіў у бок, прапускаючы яе, а тады зазірнуў усярэдзіну.
Алёнка стаяла ў кутку, схіліўшыся над сталом. Кароценькі халацік быў задраны і адкрываў сьцёгны па самае няма куды. Стукалі нейкія жалезныя інструменты. Я асьцярожна зайшоў і зачыніў за сабой ціхія дзьверы. Дзяўчына так занурылася ў сваю работу, што не паварочвалася. Ціхімі крокамі я наблізіўся да яе ззаду і адным рэзкім рухам задраў халацік аж на сьпіну. Задраў і аж сам адурэў ад таго, што ўбачыў. Алёнка пад халатам была прэч без нічога, нават умоўныя карункавыя трусікі, што так натхнялі падчас першае сустрэчы, зараз выявіліся адсутнымі. І вось так яна ходзіць цэлы дзень!?
Але найцікавейшае тое, што ў той час, калі я застыў на месцы, дзяўчына абсалютна не рэагавала на маё нахабства. Яна працягвала заклапочана займацца пляшачкамі й шпрыцамі, нібыта нічога і не адбывалася.
Я адчуў, як кроў жвавей забегала па жылах, рашуча ўдыхнуў паветра і абняў Алёнку ззаду хворай рукой, здаровай адначасова расшпільваючы гузікі халата. Бюстгальтэра на ёй таксама не было. Я пачаў сцягваць расшпіленую адзежу, і яна на імгненьне адклала шпрыц, высоўваючы рукі з рукавоў. Баваўняная тканіна паляцела ў кут, дзяўчына, цяпер ужо канчаткова голая, працягвала сваю справу, нахіліўшыся над сталом.  Я сапеў як паравоз і ўжо сабраўся здымаць піжаму, калі яна нарэшце павярнулася са шпрыцам і ватай у руках.
– Хворы, закатайце рукаў!
Яна стаяла ў адной шапачцы, яшчэ больш голая праз яе ды свой медычны прыстасон. Я скінуў куртку з пляча і вольнай здаровай рукой пачаў песьціць смуглявыя персі, спускаючыся усё ніжэй па гладзенькай цёплай скуры. Яна галіла валасы ўнізе жывата, і гэта ўзбуджала надзвычайна. Тут, пасярод медычнага прычандалля, Алёнка выглядала настолькі непрыстойна, наколькі гэта наогул магчыма, і я ледзь утрымаўся, каб ня кінуццца на яе, як леў. Рука песьціла далікатную скуру, патрошку пасоўваючыся ўглыб, Алёнка пацёрла мне плячо ваткай і ўвяла іголку. Гэта было сапраўды балюча. Я рэфлекторна сьціснуў пальцы, і вочы яе спалахнулі, нібыта ў коткі. Яна націснула на поршань, я яшчэ звёў пальцы, і яна адным рухам выпусьціла ў мяне ўвесь вітамін Б шэсьць. Карысныя лекі, нібы скальпель, разразалі тканіны пляча. Зубы мае самі сабой заскрыгаталі, і Алёнка выцягнула шпрыц. Скасіўшы вочы, я ўбачыў, што на месцы ўколу хутка наліваецца кропелька крыві. І ў наступны момант дзяўчына прысмакталася да ранкі доўгім пацалункам. Я адступіў на крок, не растуляючы абдоймаў, і мы ўпалі на кушэтку.
Падчас любшчаў яна так і ня кінула цалаваць маё плячо, і нават злёгку пакусвала яго ў рытме рухаў. Гэты дзёўбаны Б шэсьць пакідаў такое ўражаньне, што пад скурай разьліваецца расплаўлены сьвінец. І як толькі мой запал дагарэў, рука забалела так, што аж нявольна з горла выляцеў стогн. Алёнка глянула на мяне по-кацінаму сашчулена і аблізнула вусны.
− Ты як? – спытала яна.
− Нармальна, – схлусіў я.
Намсамрэч я пачуваўся абсалютна ненармальна. Трэба сканчаць укольная пацехі, ды й наогул ну яго на фіг, гэты вітамін, такі балючы, хай лепш Б дванаццаць колюць.
Як толькі мы прывялі сябе да ладу, дзьверы працэдурнай адчыніліся і на парозе ўзнік Футбаліст.
− А што гэта вы тут робіце? – весела спытаў ён і сам сабе засьмяяўся.
− Заходзьце, – сказала Алёнка, паказваючы на столік са звычайнымі арудыямі медычных катаваньняў, – і вам зробім.
Яна анітрошкі не сумялася і толькі прашаптала мне на вушка:
− Ты што, дзьверы не зачыніў? Вар’ят!
Я вярнуўся ў палату, кульгаючы, калі можна так выславіцца, на правую руку. І там ужо разглядзеў, што кропачку ўкола атачаюць чырвоныя дробныя сьляды Алёнчыных зубоў. Я, напэўна, доўга вывучаў гэтую карціну, бо Мызкумам далучыўся са сваім ныццём:
− Балюча робіць, сука. Вось у выходныя будзе Людка, дык тая не так балюча, а гэтая – проста душу вынімае.
− Цяжкая рука, – нясьмела падсумаваў Касманаўт.
− Ой, такая цяжкая, хоць бы адсохла.
Ня ведаю, як там Алёнчына, але мая рука сапраўды была цяжкай. Я наогул адчуваў сябе змораным, нібы ўсю раніцу дровы калоў. Нездарма кажуць, што каханьне – гэта вялікая праца.
Футбаліст вярнуўся ў палату і хітра мне падміргнуў. Я, штопраўда, ня быў здольны раз’юшыцца, але раздражненьне адчуў добрае. Вось ужо гэтыя інтэлігенты! – горш за баб, толькі запахне цікавым, адразу пхаюць свой нос. Ад гэтага раздражненьня мяне зноў пацягнула на ваніты, таму, калі паклікалі абедаць, я нават ня ўзняўся з ложка. Я ўявіў сабе на хвіліну непараўнальныя водары перасмажанага маргарыну і вырашыў што лепш паляжу.
− Ты ня йдзеш? – Касманаўт спыніўся і звякнуў кубкам аб мыліцу.
− Та, – махнуў я ў адказ.
− Ён ужо закусіў, – значна вышчырыўся Футбаліст, і я яго зненавідзеў.
Усю ціхую гадзіну я прасядзеў у палаце, а дакладней праляжаў, ні пра што ня думаючы. Рука патрошку сунялася і цяпер толькі ледзь паднывала на рэзкіх паваротах. Заўтра папрашуся прапусьціць укол, альбо хоць у здаровую руку для камплектнасьці. 
А калі наша калеча вярнулася з прагулянкі, я, наадварот, пайшоў дыхаць свежым паветрам. Цыгарэты патыхалі палынам і не прыносілі ніякага задавальненьня. Я прымасьціўся на той самай лаве пад акацыяй і спрабаваў пачытаць, але позірк ня мог зачапіцца за тэкст. Сонца схілялася да гарызонту, рабочы дзень сконьчыўся і персанал патрошку пацягнуўся з параднага выхаду ў напрамку аўтобуснага прыпынку. Я аўтаматычна пачаў шукаць знаёмую сукенку і з паўгадзіны ня зводзіў вачэй з дзьвярэй шпіталю, а калі вочы адвёў, то ўбачыў, што знаёмая сукенка стаіць побач са мной.
– Кагосьці выглядваеш? – Алёнка зноў была ў цёмных акулярах, таму выразу яе вачэй я вызначыць ня мог.
− Цябе, –  прызнаўся я. Дзіўна, што пры з’яўленьні Алёнкі, да рукі вярнуўся ранейшы боль.
− А чаму ты не зайшоў развітацца?
Я не знайшоў чаго сказаць – не прызнавацца ж сапраўды, што мяне ванітуе ад уколаў. Але яна ўжо працягвала, не чакаючы адказу:
− Твой сусед настукаў на нас загадчыку аддзяленьнем. Мне толькі што  рабілі апошняе папярэджаньне.
− Футбаліст?
Яна засьмямлася. У акулярах адбіваліся два сонейка і перасоўваліся разам з рухамі яе галавы.
− Ах ён гніда!
Алёнка перарвала сьмех, нібыта пагаджаючыся з такой высновай.
− Ён пра гэта пашкадуе! – у запале дадаў я.
Яна згодна кіўнула, і сонейкі ў акулярах узляцелі ўверх-ўніз.
− Мы з табой больш ня можам сустракацца ў працэдурнай, – голас дзяўчыны быў сумным.
Сорамна прызнацца – пры гэтых словах я адчуў таемную палёгу, але нічым яе ня выказаў.
− Сволач! – вылаяўся я. – Але мы  штосьці прыдумаем?!
− А як жа, – проста запэўніла яна. Потым пусьціла на мяне два сонейкі і дадала. – Да заўтра. Не сумуй.
− Да заўтра, – усьміхнуўся я.
А ўночы Футбалісту стала блага. Ён пайшоў у туалет і раптам у калідоры зваліўся непрытомны. Зляцелася дзяжурная брыгада, пачалася страшэнная мітусьня, але мы моцна спалі, таму даведаліся пра ўсё толькі раніцай, калі начная сястрычка прынесла звычайныя тэрмометры.
− Дзе наш калега? – спытаў цікаўны Мызкумам. – нешта з самага ранку  ложак пусты.
− У рэанімацыі, – лаканічна адказал сястрычка.
Божа! – Ня вытрымалі мы ўсе. – Што здарылася?
− Кома, – у голасе сястрычкі зьвінела прафесыйная абыякавасьць.  Вялікая плошча апёкаў, арганізм ня справіўся, вось і кома.
Кома – не кропка, – спрабаваў пажартаваць я. – Можна жыць.
Але мой жарт нікому ня здаўся сьмешным.
Да сьняданку толькі і размоў было, што пра Футбаліста і апёкі. Нават Мызкумам згадаў, як яны з кумам апякліся аднаго разу. А пасьля кашы з гарбатай прыйшла санітарка зьбіраць рэчы Футбаліста, і мне раптам стала сумна – вось так вось, быў сабе чалавек і ў адно імгненьне раз – і ў рэанімацыі. Сапраўды, ня ведаеш, што каго чакае.
На абход Тата прыйшоў надуты. Ён амаль не размаўляў з намі, і толькі агрызаўся на кволыя спробы роспытаў.
− Нагарыць яму, напэўна! – с прыхаванай радасьцю заўважыў Мызкумам пасьля абходу. У яго справы былі зусім кепскія, і ён радваўся ад усьведамленьня, што непрыемнасьці бываюць ня толькі ў хворых.
Тут дзьверы адчыніліся. На парозе стаяла Алёнка. Яна акінула палату вокам, на імгненьне спыніўшы яго на пустым Футбаліставым ложку. І ў гэты момант – ці мне здалося, ці сапраўды – але яе губы кранула выпадковая ўсьмешка.
Я адчуў, як мая сьпіна халадзее. У галаве прамільгнула ўчарашняя размова на лаўцы, мая фраза пра “пашкадуе”,  яе згода... Што ж гэта робіцца, людзі добрыя, га?
– На працэдуры! – звонка выгукнула Алёнка і развярнулася на абцасах так, што полы халата разьляцеліся, адкрываючы сьцёгна.
Я закусіў губу, каб ня крыкнуць уголас. Што ж гэта робіцца? У наступную секунду я заўважыў, што дзядзька Гаўрыла са свайго ложка ўважліва вывучае мяне сваімі бясколернымі вачыма. Пэўна, на маім твары адбівалася багата цікавага, таму што дзядзька пераводзіў вочы зь мяне на Алёнку і назад, нібыта параўноўваючы.
Палатныя дзьверы зачыніліся. Я раз’юшана павярнуўся да свайго цікаўнага суседа, але той ужо адвёў пагляд.
Затым, усё гэта магло быць, ды і насамрэч было проста супадзеньнем. Нельга ж урэшце-рэшт думаць, што ... Не, такога быць ня можа. Туфта. Толькі позірк дзядзькі Гаўрылы не даваў канчаткова спыніцца на гэтай версіі. Не, сапраўды, наша размова была пасьля заканьчэньня рабочага дня, яна адразу пайшла дадому, не вяртался... Цьфу, што ж гэта я, няйначай сьледчы. Дурноцце нейкае. Кома яна кома і ёсьць. Ня сьмерць, але ўсё ж такі.  Што гэта вам – жарты такія вялікія апёкі? Ня кожны вытрымае.
Дзядзька Гаўрыла раз пораз зыркаў на мяне, але зноў адводзіў вочы, як толькі я паварочваўся.
На ўколы я вырашыў сёння не ісьці. Нешта глыбока ўсярэдзіне не давала наблізіцца да працэдурнай. Мызкумам вярнуўся, ён трымаўся за паясьніцу і лаяўся апошнімі словамі – сёння Алёнчына рука стала яшчэ больш цяжкай. Я яшчэ раз вырашыў не ісьці на ўколы і тут атрымаў неспадзяваную дапамогу – наш Тата, падумаўшы пасьля абходу, направіў мяне на рэнтген паглядзець, ці няма дзе-небудзь запаленьня, бо тэмпература каторы дзень трымалася на трыццаці сямі. Я з палёгкай схапіў квіточак і спусьціўся на нулявы паверх. Цяпер ужо ўсё, вярнуся ня хутка, а там хай сабе як хочуць – у мяне афіцыйная адмазка.
І пакуль я ў сьвінцовыму фартуху сядзеў пад рэнтгенаўскімі прамянямі, а потым шчыра цягнуў лямку на лячэбнай фізкультуры, душа паволі набірала страчаную раўнавагу.  І што сапраўды адбылося? А нічога. Шпіталь, хворыя людзі, бывае, што хтосьці і зваліцца – вунь Мызкумам колькі часу колюць, а ўсё горш і горш, гэта ён мог такім жа чынам зваліцца, праўда? Ды й рэшта адной нагой у рэанімацыі. Усё нармальна. “Усё нармальна”, – думаў я, расцягваючы эластычны бінт. І надумаў. А дакладней – накаркаў.
У сталовай, апошнім атрымліваючы сваю пайку, я пачуў навіну – Мызкумам ад нас пераводзілі ў гнойнае аддзяленьне. Дзіўна, але я нават узрадваўся – вось бачыце, ён жа нікому нічога не рабіў, а яго таксама пераводзяць! “Гэта ж шпіталь!” – слушна думаў я, калупаючыся ў пюрэ.
На сваім ложку ў палаце сядзеў чорны, к хмара, Мызкумам, а Касманаўт нясьмела намагаўся яго заспакоіць.
− Нічога, што інфекцыя. Зараз антыбіотыкі ведаеце якія моцныя!
− Ага, і так дупа баліць, а яшчэ антыбіотыкі.
− Ну так там жа ня наша будзе калоць. Можа, у той рука лягчэйшая.
Мызкумам нявесела засьмяяўя, і я прыяднаўся да яго. Сапраўды, можна ва ўсім знайсьці свае пазытыўныя рысы.
− Ды не перажывай! – сказаў я. – Будзеш да нас у госьці хадзіць. Нават лепш, што цябе пераводзяць, там за цябе сапраўдныя спецыялісты вазьмуцца і ў момант усё зробяць. А ў нас што – траўматолагі, адно слова. Не пераймайся!
Мызкумам сабраў усе саве рэчы, паціснуў усім рукі і пашлёпаў на чацьвёрты паверх у гнойнае. Я паглядзеў на ягоны пусты ложак і раптам усьвядоміў, што ад нашай палаты засталася роўна палова. Вось так – за тра дні трох няма. Бывае ж! То ў калідорах ляжаць, а то палаты пустыя. Касманаўт сумна глядзеў у вакно. Дзядзька Гаўрыла, відаць, таксама про нешта такое падумаў, бо ўздыхнуў, азіраючыся, і спытаў невядома ў каго:
− А што гэта да нас нікога не кладуць?
− Статыстыка, – адгукнуўся Касманаўт. – Траўматызм ў горадзе зьменьшыўся.
− Хіба што.
Больш за ўсё шкада было Футбаліста. Усё ж такі ён цешыў нас сваёй філасофіяй. А з  гэтымі і слова ня скажаш. Адзін – нейкі зусім прыдуркаваты, другі – зусім дзіцё, дзіўна нават, што мой равесьнік. Сумна будзе ляжаць, калі нікога не пакладуць. А заўтра субота, значыць сумаваць будзем мінімум два дні.
– Пайду ў хірургію, – наважыўся Касманаўт, – можа, там штосьці.
Што менавіта, нескладана было здагадацца – безадмоўная Тацяна як раз заступіла на дзяжурства. Хлопец парыўся ў шуфлядзе, дастаў адтуль грабянец і пачаў прыхарашвацца каля ракавіны. Ад аднае думкі пра сэкс у мяне забалеў жывот. А Касманаўт схаваў грабянец у кішэню і адчыніў палатныя дзьверы, у думаках ён быў ужо там.
− Шчасьлівага паляваньня, – пажадаў я яму.
− Ідзі ты.
Мы з дзядзькам Гаўрылам засталіся адны. Размаўляць не хацелася, на шпацыр не хапала сілаў, і я разкрыў кніжку. Кніжка была цікавая, але на чацьвертай старонцы я пачуў над вухам:
− Хлопча, яна да цябе прымакталася... – дзядзька Гаўрыла сядзеў на сваім ложку нават больш суворы, чым звычайна.
− Што, прабачце?
− Яна да цябе прысмакталася і не адпусьціць.
Самае цікавае, што я не спытаў, хто гэта “яна”. Я толькі закрыў кніжку і падняўся на локцю.
− І што будзе?
− Не адпусьціць яна цябе. Ты будзеш гібець, гібець, пакуль зусім нічога ня зможаш. Можа, тады.
− А вы адкуль ведаеце?
− Бачу. Калі б нехта іншы, яна б адпусьціла, а цябе – не. Ты прыйшоўся ёй да смаку.  У цябе вунь вочы пазелянелі ўжо.
Не, я так і не спытаў, хто гэта “яна”, я, мабыць, ужо тады штосьці адчуваў. А можа, і не – можа абрыдла чытаць і проста вырашў пацешыцца за кошт непрытомнага суседа. У дзядзькі Гаўрылы позірк палаў натхненьнем, і ён працягваў свае тлумачэньні, ад якіх мне спачатку зрабілася трошкі жудасна.
− Разумееш, яна жывіцца тваёй энегрій. Яны ўвогуле жывяцца мужчынскай энергіяй, але рэдка калі прыпадаюць вось так ад аднаго, – ён сціснуў рукамі перад сабой уяўнае горла, нібы збіраўся задушыць. – З большага бяруць у кожнага па трошку, і тады амаль бязшкодныя – ну, дзень пасьля гэтага пабаліць галава і ўсё. А за цябе зачапілася. Я даўно за ёй назіраю. Ты разумееш, хлопча, яна высмоктвае з цябе энэргію падчас каханьня. Яна высмоктвае з цябе жыццё. Ты не адчуў гэтага?
Пагадзіцеся, што адказаць сцьвярджальна на такое пытаньне цяжка, але і запярэчыць я ня мог. Я сапраўды адчуваў нядобрае, але каб так сфармуляваць... Высмоктвае жыццё – гэта занадта. Пра энергію апошнім часам гавораць нават па тэлевізары. Але не да такой ступені!
А дзядзька Гаўрыла зноў замахаў рукамі, намагаючыся мяне пераканаць.
– Табе трэба бараніцца, хлопча. Яна цябе з’есьць, высмакча, нібы лімон.
− Як?
− Як бараніцца? – па-свойму растлумачыў мой выгук дзядзька. – Амулетам. Зьмеявіком. Сукубы яго баяцца як вагню.
− Сук...  хто? – не зразумеў я.
− Сукубы. Гэта духі, якія жывяцца нашай сексуальнай энергіяй. Майкі, у нас іх майкамі называюць. Пра іх ва ўсіх крыніцах ёсьць, сам можаш пачытаць. З сукубамі заўжды бароліся крыжом, а зьмеявік, акрамя таго, мае выяву старадаўняе Багіні, а Багіні яны баяцца значна болей, Багіня для іх ...
Ён ня змог скончыць сваёй прамовы, бо ў наступнае імгненьне я зарагатаў як ненармальны. Я адкінуўся на падуўкі і зайшоўся шалёным рогатам, яшчэ больш заўзятым ад таго, што спачатку я ледзь не паверыў ва ўсю гэтую лухту. Канешне, калі вялося пра энэргетыку, яшчэ пайгора. А калі пайшлі Багіні і Сукі... як іх там?.. Я рагатаў шчыра і доўга, нават сьлёзы на вачах выступілі. Дзядзька Гаўрыла спачатку глядзеў на мяне здіўлена, а потым абразіўся і лёг на ложак, павярнуўшыся да сьцяны.
− Не абражайцеся, дзядзьку, – скрозь рогат сказаў я. – Я не гэтае... вой, не магу!... ня з вас... проста ад неспадзяванкі...
Але ён не адгукаўся. І правільна – толькі  адкрыў душу, а замест каб слухаць... вой, трымайце, людзі добрыя!
Пэўна, хвілін з дзесяць я не мог супакоіцца. Ну гэта ж трэба! А яшчэ шкадаваў пра Фтбаліста. Калі б ведаць, які цырк нам застаецца, – куды таму Футбалісту! Потым яшчэ доўга, чытаючы кнігу, я мімаволі пасьмейваўся. Артыст дзядзька Гаўрыла! З ім напраўду не засумуеш.
Калі Касманаўт нарэшце вярнуўся з хірургіі стомлены, але задаволены, я яшчэ да канца на адрагатаўся, таму спытаў:
− Ну як там твая сукуба?
− Хто?
− Майка твая.
− Сам ты Манька, – абурыўся Касманаўт. – Прыдурак!
− Ды жартую я. Не абражайся.
− Ідзі ты на фіг!
Я быў у гуморы аж да вечара, калі лдзьверы палаты раптам адчаніліся і ўсярэдзіну заехала каталка. Яе штурхала Алёнка, як заўжды беленькая і акуратненькая, з чорным хвосьцікам пад шапачкай.
− Аляскею! – радасным голасам аб’явіла яна. – На аперацыю. Распранайся.
Я вылупіўся, нічога не разумеючы, а дзяўчына па-змоўніцку падміргнула і з націскам паўтарыла:
− Распранайся!
Пасьля падміргваньня я зразумеў, што ўсё не так проста, таму таксама падміргнуў у адказ і пачаў расшпільваць гузікі.
− Адрэжце яму язык, – парадзіў Касманаўт, – каб не балакаў што заўгодна.
− Адрэжам усё, што трэба, – запэўніла Алёнка.
Праз імгненьне я ўжо ляжаў на каталцы тварам дагары, голы, нібы немаўля.
Дзяўчына дбайна прыкрыла мяне прасьцінай і пад уважлівымі поглядамі суседзяў па палаце вывезла ў калідор. Ніхто зь іх нават не пажадаў мне “ні пуха”, вось ужо публіка!
− Куды мы едзем? – запытаў я, назіраючы, як рухаецца нада мной столь.
− Маўчы, – лаканічна адказала Алёнка.
Гэта дзіўнае адчуваньне, калі ты едзеш на каталцы, прыкрыты толькі тонкай тканінай і цалкам залежны ад слабых жаночых рук, калі пад іхным уціскам ты раптам паварочваеш, прыскорваеш ці, наадварот, запавольваеш хаду. Няма з чым параўнаць – хіба з тым, што адчувае дзіцё ў калысцы.
Мы і сапраўды ехалі па калідоры у бок аперацыйных, і гэта мяне пачало турбаваць. Што яна надумала? А каталка мінула герметычныя дзьверы і спынілася каля сіняга двойчы знаёмага мне стала. Прасьціна паляцела ўгору і пакінула мяне сам насам са стэрыльным паветрам.
− Перабірайся, – уладна махнула Алёнка ў бок стала.
Я ўсё ж запытаў, пералазячы з каталкі:
– Што гэта будзе? – ну, насамрэч, трэба ж ведаць планы на будучыню.
Але дзяўчына толькі прыклала палец да маіх вуснаў.
Стол быў прахалодны, я з задавальненьнем выцягнуўся на ім. А Алёнка, нібы перад сапраўднай аперацыяй, пачала прывязваць мае рукі, а потым і ногі тугімі пасамі да спецыяльных парэньчаў.
− Ты чаго? – толькі пачаў пытацца я, але ўжо быў моцна прывязаны.
Праверыўшы, наколькі надзейна трымаюць путы, дзяўчына задаволена гмыкнула, а тады, ня кажучы ані слова, пайшла прэч, і дарэмна я намагаўся гукаць наўздагон. У наступную хвіліну я застаўся адзін, шчыльна прывязаны і няздольны бароцца за свае правы.
Больш ідыёцкай сытуацыі нельга сабе і ўявіць. Я ляжаў у пустой аперацыйнай, голы, безабаронны і нямог нават паклікаць на дапамогу, таму што самі разумееце. Першую хвіліну я спадзяваўся, што дзяўчына вось-вось вернецца, другую – пачаў падазраваць нешта ня тое, трэцюю – ужо і сапраўды думаў пра аперацыю, чацьвёртую... а потым, колькі іх мінула, тых хвілін? Я хутка страціў адчываньне часу, а яна ўсё не з’яўлялася. Калі гэта быў жарт, то досыць сумнеўны. Крычаць, гукаць? Каго? Я пачаў дзёргаць рукамі і нагамі, але толькі пераканаўся ў моцнасьці медычнага абсталяваньня.  Дзе ж яна падзелася, сапраўды?
З-за такіх перайманьняў я, зразумела, прапусьціў момант, калі Алёнка наблізілася да стала з іншага боку і паклала мне руку на жывот. Ад нечаканага дотыку я дзёрнуўся, ледзь ня вывіхнуўшы запясьце. Дзяўчына стаяла нада мной, усьміхаючыся. Яна таксама была распранутая, і сваім голеным жыватом яна прыціскалася да маёй правай рукі, даючы магчымасьць песьціць сябе. Я імгненна адчуў прыліў энтузіязму. Трэба аддаць ёй належнае – яна ўмела арганізаваць сустрэчу так, што нават і маім хворым, перагружаным арганізме ўзнікала непераадольнае жаданьне.
– Ты мяне чакаў? – спытала дзяўчына, нахіляючыся і ласьцячы мяне грудзямі.
Я толькі кіўнуў, намагаючыся ўхапіць іх губамі.
Рука яе пацягнулася некуды ў бок, і тут з гучным клацаньнем ўгары ўключыліся круглыя лампы. Я прымружыўся ад нясьцерпна яскравага сьвятла.
Пачнем, – прапанавала яна і адразу ж узялася за мяне з усёй сілай і жарсьцю медсястры траўматалогіі.
Праз колікі хвілін я адчуў, што ўсе папярэднія сустрэчы былі ня больш як рэпетыцыяй перад прэм’ерай і што сілаў маіх хопіць ненадоўга. Але яе гэта ня стрымлівала, яна валодала нейкім таемным спосабам узбужэньня, так што нават ня маючы ўжо сілаў паварушыць бадай і пальцам, я ўсё адно быў гатовы працягваць гульню і пачынаць новую.
Пасьля чацьвёртага разу, калі яна спынілася для кароткага адпачынку, я пачаў страшэнная паважаць сябе як мужчыну. Штопраўда, сілаў не было нават дыхаць.
− Ты проста як Агнія Барто! – сказаў я, каб выйграць час.
Яна сядзела верхам на маім жываце і песьціла мяне, намагаючыся зноў падняць у атаку. Праз лёгкую паўзу ў рухах я зразумеў, што алегорыя не прайшла незўважнаю і працягнуў:
− “Я и прямо, я и боком, с поворотом и с прискоком…”  Памятаеш? 
Па ідэі яна павінна была рассьмяяца, але ня ведаю, ці нават усьміхнулася, бо імгненна вярнулася да сваёй работы. Я спрабаваў з іншага боку:
− Слухай, ты мяне выціснула. Проста як лімон. Не здарма дзядзька  Гаўрыла казаў, што ты сілкуешся маёй энэргіяй.
− Што? – яна азірнулася праз плячо.
Я нязмушана ўсьміхнуўся.
– Ну гэтае, што ты набіраешся маёй сэксуальнай энэргіі, а мяне высмоктваеш.
− Дзядзька Гаўрыла? – перапытала яна.
− Ага, сусед мой.
− А-а, – узгадала яна, і раптам яе правая рука сціснулася так, што ў мяне пабялела уваччу. – А што яшчэ ён казаў?
− Ты што, здурэла! – заенчыў я, але дзаўчына ўжо адпусьціла і ўсьміхнулася вінавата.
− Прабач. І што ён казаў?
− Нічога. Больш нічога, каб ты прапала!
− І не спадзявайся, – засьмяялася яна ў адказ і вярнулася да сваёй справы.
Я сам сабе здіўляўся, але ня мог спыніцца ні пасьля пятага, ні нават шостага разу.
Чорны сілуэт на фоне яскравых лампаў паўставаў нада мной і рухаўся ў зладжаным рытме, а потым нахіляўся, і мае вочы мружліся пад сьвятлом. І калі спачатку гэта натхняла, потым здзіўляла, то ўрэшце пераўтварылася ў сапраўднае мучэньне. Я проста фізычна адчуваў, як з мяне выходзяць сілы, і стаў прасіцца, а потым крычаць, вырывацца, хоць і быў моцна прывязаны і ня мог нічога здзейсьніць, а ўсе мае енкі, здавалася, толькі  распальвалі Алёнку. Патроху я прыпыніў нават стогны, і толькі ўціскаўся ў стол пад вагой яе цела, лампы нада мной згаслі, я згубіў лік часу, і ўрэшце рэшт проста страціў прытомнасьць, няўзмозе вытрымаць гэтых катаваньняў.
   
Мне здалося, што я памёр. Але гэта выявілася няпраўдаю. Я расплюшчыў вочы ў сваім ложку ў палаце.  Ранішняе сонейка зазірала ў шыбкі. Пад пахай ў мяне тырчаў тэрмометр. Мяркуючы па гэтым, была сёмая ранку. З вялічэзным намаганьнем я паднаў руку, каб паправіць коўдру, і тут убачыў, што запясьце апярэзвае шырокая сіняя паласа. Другая рука выглядаля ня лепш. Гэта блі сьляды ўчарашніх путаў. Акрамя гэтага, усё маё цела гуло, нібы ўсю ноч чэрці яго малацілі, кожная костчка,  кожная мышца адгукалася тупым ныццём на найменьшую спробу варухнуцца.
Дзядзька Гаўрыла, лежачы на сваім месцы, неадрыўна гладзеў на мяне. Я зноў спрабаваў падняць руку і ня змог устрымацца ад стогну.
− Баліць? – спачувальна адгукнуўся з кутка Касманаўт.
− Угу.
Цябе ўчора прывязьлі з аперацыйнай, то так шваркнулі аб ложак, мы думалі, ты нежывы. Ты хоць ведаеш, што з табой здарылася? 
− Не, – аднымі губамі сказаў я.
− Кажуць, як далі наркоз, то пачалі прымерваць табе апарат, а ставіць няма куды. Пераблыталі. З трыста чатырнаццатай хлопца павінны былі рэзаць – проста прозьвішчы падобныя.
− М-м, – выціснуў я з сябе.
Калі б так яно і было.
− Ну даюць! – абураўся Касманаўт. – А так бы зарэзалі не разабраўшыся.
Прыйшла начная сятрычка запісваць тэмпературу. Мая ўпарта лезла да трыццаці васьмі, але зараз гэта чамусьці нават не здзіўляла. Я заплюшчыў вочы і зноў праваліўся ў сон.
− Наркоз – цяжкая рэч, – пачулася у астаньне нечая заўвага, але не зразумела, чыя.     
Прачнуўся я зноў-такі пад няхітрую размову. Голас Касманаўта прасіў:
− Вы мяне першага ўкаліце сёння, бо я дадому зьбіраюся – памыцца, тое-сёе.
Калі будзеш мыцца, нагу цэлафанкай заматай, каб вада не патрапіла, радзіў у адказ жаночы голас, знаёмы голас.        
Я расплюшчыў вочы і ўбачыў на фоне залітых сонцам шыбак знаёмую Алёнчыну постаць. І адразу ў мяне перад вачыма паўстала ўчарашняя аперацыйная, яскравыя лампы наверсе і цёмныя абрысы яе цела, што нахіляліся нада мной, а рукі адчулі халад парэньчаў.
Яна заўважыла мой кволы рух.

Паводле: Браты Капранавы. Кобзар 2000.